Інфармацыйны рэсурс «Сцежкамі родных мясцін» – гэта база дадзеных краязнаўчай тэматыкі. У рэсурсе прадстаўлены звесткі па гісторыі, розных галінах эканомікі і культурнага жыцця Новасаматэвіцкага краю.

Мэта і задача рэсурса – сабраць у адным месцы максімум інфармацыі і захаваць для нашчадкаў памяць, гісторыю, культуру малой радзімы.

Пры падрыхтоўцы базы дадзеных выкарыстаны розныя крыніцы: гісторыі, напісаныя самімі арганізацыямі, сабраныя бібліятэкарам Новасаматэвіцкай сельскай бібліятэкі, артыкулы з перыядычнага друку, матэрыялы ДУК “Бібліятэчная сетка Касцюковіцкага раёна”, матэрыялы літаратурнага музея імя А. Куляшова, УК «Касцюковіцкі краязнаўчы музей», электронныя рэсурсы інтэрнэта, а таксама матэрыялы з асабістых архіваў жыхароў вёскі.

Матэрыялы прадстаўлены на беларускай і рускай мовах. Важным дапаўненнем з’яўляецца электронная калекцыя краязнаўчага дасье фота-, відэаматэрыялаў і ілюстрацый. Шмат фотаздымкаў падаецца ў параўнанні.

Матэрыялы рэсурсу згрупаваны па сямі асноўных раздзелах: “Падарожжа дылетанта”, “Незабыўныя старонкі з гісторыі маёй вёскі”, “Таямнічая прыгажосць прыроды”, “Дарога да святынь”, “Славутасці роднай зямлі”, “Аркадзь Куляшоў: ён наш зямляк, ён наша слава”, “Жывая спадчына продкаў”.

Раздзел “Падарожжа дылетанта” запрашае паслухаць цікавы аповед Юрыя Жыгамонта пра вёску Новыя Саматэвічы Касцюковіцкага раёна.

У раздзеле “Незабыўныя старонкі з гісторыі маёй вёскі” змешчана інфармацыя па гісторыі вёскі, гісторыі бібліятэкі, калгаса, сельскага Савета, школы. Прадстаўлены матэрыялы аб пяці афіцыйна адселеных вёсках. Уключаны матэрыялы аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, біяграфіі і ўспаміны ўдзельнікаў тых падзей. Сабраны звесткі пра помнікі, размешчаныя на тэрыторыі сельскага Савета.

Раздзел “Таямнічая прыгажосць прыроды” дае магчымасць убачыць і дакрануцца да гісторыі ўтварэння цікавай і вартай ўвагі святой Студзянецка-Ліпаўскай крыніцы, Святога возера, якое знаходзіцца на тэрыторыі былога Саматэвіцкага сельскага Савета, а таксама маляўнічых рэчак Чарняўка і Чарнавутка.

Раздзел “Дарога да святынь” прысвечаны Свята-Троіцкай царкве і дазваляе зрабіць экскурс у яе гісторыю. Гэты праваслаўны храм узведзены ўладальнікам паселішча Іванам Галынскім ў памяць аб памерлай жонцы Анастасіі. Асвячоны ў гонар Святой Троіцы ў 1842 годзе. Сёння царква знаходзіцца ў руйнаваным стане ў былой вёсцы Саматэвічы.

Раздзел “Славутасці роднай зямлі” змяшчае інфармацыю пра найбольш слынных асоб, ураджэнцаў вёскі, якія праславілі рэгіён далёка за межамі Беларусі. Сярод іх дзяржаўныя дзеячы, прадстаўнікі навукі, медыцыны, асветы, літаратуры. Інфармацыя пра кожную асобу змяшчае кароткую біяграфічную даведку, іх уклад у развіццё галіны, які прынёс вядомасць, і фотаздымак.

Раздзел “Аркадзь Куляшоў: ён наш зямляк, ён наша слава” прысвечаны жыццю і творчасці нашага земляка, народнага паэта Беларусі, перакладчыка, літаратурнага крытыка, публіцыста, кінасцэнарыста, грамадскага дзеяча Аркадзя Аляксандравіча Куляшова.

Раздзел “Жывая спадчына продкаў” змяшчае інфармацыйны матэрыял пра народную культуру землякоў, дапоўненую аўдыёзапісам мясцовай выканаўцы фальклорных песен Н.С. Бялугінай. Падаюцца цікавыя факты аб вядомым у народзе свяце “Іллінскі кірмаш”, свяце “Саракі”.

Прадстаўленыя ў базе дадзеных матэрыялы могуць быць не поўнымі або ўтрымліваць недакладнасці. З мэтай дапаўнення і ўдакладнення інфармацыі просім адгукнуцца тых, хто валодае адпаведнымі звесткамі.

База дадзеных адрасавана ўсім, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.